ПАЧУЦЦЁ ЭСТЭТЫ́ЧНАЕ,

спецыфічнае духоўнае перажыванне, выкліканае ўспрыманнем прыгожага або агіднага, узнёслага або нізкага, трагічнага або камічнага ў прыродзе, грамадскім быцці і мастацтве; першасны кампанент гістарычна абумоўленай эстэт. свядомасці, аснова эстэт. густаў, ідэалаў і ацэнак; адзін з састаўных элементаў мастацкай культуры. Сфарміраванае ў працэсе практычнай чалавечай дзейнасці П.э. ў далейшым развіваецца і ўдасканальваецца пад уздзеяннем фальклору і прафес. мастацтва ўсіх відаў і жанраў, становіцца важным фактарам гуманізацыі прыроднага і грамадскага быцця. Поруч з традыц. відамі мастацтва развіццю П.э. садзейнічае тэхн. эстэтыка і мастацка-прамысловае праектаванне (дызайн), афармленне сферы вытв-сці і побыту людзей паводле законаў прыгажосці.

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)